Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я даў яму лякарства, шкадуючы яго, бо ў яго-ж няма цёткі.

— Няма цёткі! што за глупства ты вярзеш, дурное хлапчанё! Якое гэта можа мець дачыненне да таго, што ты нарабіў?

— Вельмі вялікае. Каб у яго была цётка, яна сама паклапацілася-б аб ім. Яна высмаліла-б яму ўсе вантробы без ніякай літасці, як чалавеку!

Цёця Поллі раптам адчула сябе вінаватай. Яе лячэнне стала перад ёй у новым выглядзе: тое, што было жорсткім у дачыненні да ката, магло быць жорсткім і ў дачыненні да дзіцяці. Яна памякчэла, адчула жаль да Тома. У яе нават слёзы выступілі на вочы, яна пагладзіла хлопчыка па галаве і лагодна сказала:

— Я-ж старалася на тваю карысць, Том. І гэта пайшло табе на карысць.

Том сур’ёзна паглядзеў ёй у твар. Толькі куты яго рота крыху ўздрыгвалі.

— Я ведаю, цётанька, што вы жадалі мне дабра, і я-ж Піту жадаў дабра. Яму гэта таксама пайшло на карысць. Я ніколі яшчэ не бачыў яго ў такім вясёлым…

— Ну, годзе, годзе ўжо, Том, не засмучай мяне. Трымай сябе добра, будзь разумнікам, і табе не прыдзецца прымаць ніякіх лякарстваў.

Том прышоў у школу да заняткаў. Настаўнік заўважыў, што такія незвычайныя здарэнні паўтараліся ў апошні час бадай што кожны дзень. І сёння, таксама, як заўсёды ў апошні час, заместа таго, каб гуляць з таварышамі, хлопчык круціўся па дварэ і каля варот. Ён адмовіўся ад гульні, кажучы, што ён не зусім здаровы, і выгляд яго сапраўды быў не вельмі добры. Ён прытвараўся, што глядзіць у розныя бакі, але ў сапраўднасці ўвесь час глядзеў на дарогу.

Як толькі здалёк паказаўся Джэф Тэчэр, Том прасвятлеўся, але праз мінуту зноў зрабіўся сумным. У школе Том не адставаў ад Джэфа ні на хвіліну і ўсяляк стараўся накіраваць гутарку на яго сястру, але той быў крыху дурнава-