Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

новенькае, яна зараз-жа спяшалася выпрабаваць гэтую навінку — не на сабе, бо сама яна ніколі не хварэла, але на першым, хто трапляўся ёй пад руку.

У той час толькі што ўваходзіла ў моду лячэнне вадой, і прыгнечаны стан Тома трапіўся вельмі дарэчы. Цётка падымала яго з пасцелі ледзь золак, вяла ў сарай для дроў, аблівала яго халоднай вадой і дачырвана церла рушніком, жорсткім як скрабло; потым загортвала яго ў мокрую прасціну і накрывала цёплымі коўдрамі, каб ён добра прапацеў, і небарака пацеў да таго, што, як ён казаў, у яго «ўсе плямы з душы вышлі напаверх скрозь скуру».

Не гледзячы на ўсё гэта, хлопчык усёроўна бляднеў і худзеў, і выгляд яго быў мізэрны. Цётка далучыла да ранейшага лячэння гарачыя ванны, сідзячыя ванны, душы і апусканне ў ваду. Хлопчык заставаўся панурым, як хаўтурныя драбіны. Цётка дадала да вады лёгкую аўсяную дыету і плястры ад скулляў. Яна кожны дзень ліла ў яго, нібы ў гладыш, усялякія лякарствы.

Паступова Том зрабіўся абыякім да ўсяго на свеце, і гэта трывожыла старую цётку да глыбіні душы. Трэба было, чаго-б гэта ні каштавала, вывесці яго з такога стану. Тут яна ўпершыню пачула пра новае лякарства, «болесупакойнік», і зараз-жа выпісала вялікую колькасць гэтага лякарства — пакаштавала яго, і сэрца яе напоўнілася ўдзячнасцю: гэта быў сапраўдны вадкі агонь! Яна пакінула вадзяное лячэнне і ўсклала ўсе свае надзеі на новае зелле. Яна дала Тому выпіць поўную чайную лыжку і з хваляваннем чакала выніку. Трывога яе адразу прайшла, і душа супакоілася, бо абыякавасць у Тома адразу знікла. Каб хлопчыка пасадзілі на гарачае вуголле, ён не мог-бы выявіць больш гарачага ўдзелу ў гэтай спробе.

Том адчуў, што трэба ўжо і сапраўды прачнуцца. Ён пачаў прыдумваць усялякія спосабы вызваліцца ад далейшых вопытаў над сабой і нарэшце натрапіў на думку прытварыцца, што «болесупакойнік» прышоўся яму вельмі да густу. Ён так часта прасіў, каб яму далі гэтага зелля, што