Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нічога! Нічога!

Але рукі хлопчыка дрыжэлі так, што ён разліў каву.

— І гаворыш ты ўсё нейкія недарэчнасці, — казаў Сід. — Напрыклад, мінулай ноччу ты казаў: «Гэта кроў, кроў, вось што гэта такое!» І ўсё паўтараеш тое самае. А потым гаворыш: «Не мардуйце мяне так, — я скажу». Што такое ты скажаш?

Усё закружылася і паплыла перад вачыма Тома. Цяжка сказаць, што было-б далей, каб у гэтую мінуту супакоеная цётка Поллі, сама таго не ведаючы, не прышла на дапамогу Тому.

— Гэта ўсё ад таго жудаснага забойства. Мне самой яно сніцца бадай што кожную ноч. Часам я бачу ў сне, нібы гэта я яго забіла.

Мэры сказала, што з ёй бывае тое самае, і Сід, як відаць, задаволіўся гэтымі тлумачэннямі.

Том скарыстаў першы повад, каб хутчэй адыйсці ад сваякоў і пасля гэтага з тыдзень скардзіўся на боль зубоў і сціскаў сабе на ноч сківіцы хусткай, каб не балбатаць ва сне. Ён не ведаў, што Сід наўмысля не спаў па начах, часам аслабляў павязку і, абапёршыся на локці, прыслухоўваўся к словам брата, а потым зноў папраўляў павязку.

Але праз некаторы час непакой і згрызоты Тома пачалі сцішацца; яму надакучала скардзіцца на боль зубоў, і ён ужо не завязваў галавы на ноч. Калі Сід і зрабіў якія-небудзь вывады з урыўкаў слоў, якія яго брат гаварыў праз сон, — ён нікому аб гэтым не гаварыў.

Том кожны дзень, ці праз дзень, прабіраўся да маленькага акна турмы, дзе сядзеў «забойца», і кантрабандай прыносіў яму розныя ласункі, якія яму траплялася здабыць. Будынак турмы быў невялікі; ён быў пабудаваны з цэглы на балоце, на самым канцы гарадка. Вартаўніка пры ёй не было — спадзяваліся на краты ў вокнах — ды ў ёй і рэдка хто сядзеў. Гэтыя маленькія падарункі значна супакойвалі сумленне Тома.

Жыхары гарадка мелі вялікае жаданне пакараць метыса