Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нешта падказвала мне, што калі я не пайду туды і не знайду… — Ён здрыгануўся і, безнадзейна махнуўшы рукою, сказаў: — Скажы ім, Джо — цяпер ужо няма чаго!..

Гекльберы і Том з невыказным жахам глядзелі, як забойца без ніякага сораму расказваў выдуманую ім сцэну забойства. Хлопчыкі кожную хвіліну чакалі, што вось-вось сярод яснага неба блісне маланка і ўдарыць у забойцу, і дзівіліся, чаму так марудзіць бож’я кара. Тады-б яны маглі парушыць клятву і выратаваць невінаватага Потэра. Цяпер-жа, калі Джо і па сканчэнні расказа застаўся цэлы і не пашкоджаны, гэтая баязлівая думка знікла зусім: ясная справа, гэты злодзей прадаў душу д’яблу, а дзе ўжо ўмяшаецца д’ябал, там чалавек не совайся, а то дабра не будзе.

Нехта спытаў Потэра:

— Чаму-ж ты не ўцёк і не схаваўся? Навошта прышоў сюды?

— Я не мог іначай, не мог! — прастагнаў Потэр. — Я хацеў бегчы, але мяне самі ногі прынеслі сюды!

І ён зноў зарыдаў.

Індзеец Джо таксама спакойна паўтарыў сваё паказанне праз некалькі мінут на допыце, пад прысягай, і хлопчыкі, убачыўшы, што гром нябесны ўсёроўна не забівае яго, — канчаткова пераканаліся, што метыс прадаў душу чорту.

Яны надта баяліся яго, але ў той-жа час ён быў для іх цяпер цікавей за ўсё ў свеце, і яны не маглі адвесці ад яго твара свіх зачараваных вачэй. Самі яны парашылі, калі трапіцца выпадак, пасачыць за ім уначы, каб хоць адным вокам убачыць яго страшнага ўладара.

Жудасная тайна і сумленне доўга не давалі Тому спаць, і аднаго разу ў час снедання Сід сказаў яму:

— Том, ты так круцішся і гаворыш у сне, што няма магчымасці заснуць, — я палову ночы не спаў.

Том збляднеў і апусціў вочы.

— Гэта дрэнны знак, — сур’ёзна сказала цёця Поллі. — Што ў цябе на душы, Том?