Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шоў палюбавацца на сваё злачынства і не чакаў, што тут людзі.

Натоўп рассунуўся, і да магілы ўрачыста падышоў шэрыф, ведучы за руку Потэра. У небаракі твар быў зусім збянтэжаны, і ў вачах быў шалёны страх. Убачыўшы забітага, ён затросся ўсім целам, закрыў твар рукамі і заплакаў.

— Я не забіваў яго, сябры мае, — казаў ён, плачучы, — чэснае слова даю вам, не забіваў.

— Хто-ж абвінавачвае цябе? — загрымеў нечы голас.

Страла трапіла ў цэль. Потэр падняў галаву і агледзеўся навакол з жаласнай безнадзейнасцю ў вачах. Убачыўшы індзейца Джо, ён усклікнуў:

— О, Джо! Ты абяцаў мне, што ніколі…

— Гэта ваш нож? — перапыніў яго шэрыф, паказваючы нож.

Потэр паваліўся-б, каб яго не падтрымалі і не апусцілі ціханька на зямлю. Потым ён сказаў: