Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паспяшаўся ўцячы ад яго праз заднія дзверы. Том прышоў у школу смутны, пахмуры і выцярпеў разам з Джо Гарперам кару за ўчарашнюю гульню ў косці з выглядам чалавека, душа якога прыгнечана горам і не звяртае ўвагі на такія дробязі.

Вярнуўшыся на сваё месца, ён палажыў рукі на парту, а галаву на рукі і ўтаропіўся ў сцяну вачыма пакутніка. Локаць яго ўпіраўся ў нейкі цвёрды прадмет, і рука балела. Але ён не скора адсунуў руку, уздыхнуў і ўзяў гэты прадмет. Ён быў загорнуты ў паперу. Том разгарнуў — і глыбокі, даўгі, цяжкі ўздых вырваўся з яго грудзей, і сэрца яго разбілася…

Гэта быў яго медны шарык з жароўні!

Апошняя саломінка зламала спіну вярблюда.

Раздзел Х

А поўдні па ўсім гарадку раптам разнеслася страшная вестка. Не трэба было і тэлеграфа, аб якім ў той час і думаць не маглі, — вестка гэтая пераходзіла з вуснаў у вусны, ад суседзяў к суседзям, з дома ў дом з няменшай шпаркасцю. Вядома, школьнікаў у гэты дзень адпусцілі па хатах: увесь горад палічыў-бы за дзіва, каб настаўнік не дагадаўся гэта зрабіць.

Каля забітага знайшлі скрываўлены нож і казалі, што ён належыць Мефу Потэру. Казалі таксама, што ноччу, гадзін каля двух, адзін жыхар, вяртаючыся дадому, патрапіў на Потэра, які мыўся ў рэчцы, і што Потэр, убачыўшы яго, зараз-жа схаваўся — факт падазронны, асабліва ўмыванне: для Потэра такая справа была вельмі незвычайнай. Казалі таксама, што паліцыя ператрэсла ўвесь горад, шукаючы забойцу, але нідзе не магла яго знайсці; што ва ўсе бакі разасланы коннікі, і шэрыф упэўнен, што злачынцу зловяць яшчэ да вечара.


Ўвесь горад пабываў на могілках. Том забыўся на сваё разбітае сэрца і далучыўся да іншых — не таму, што ён