Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

здаравець. Справа скончаная, усёроўна як і Мефа Потэра. Гэта негры гавораць, а яны ўжо ведаюць, Гек.

І хлопчыкі разышліся.

Калі Том улез праз акно назад у спальню, ноч амаль мінула. Ён ціха раздзеўся і мігам заснуў, рады, што ніхто не даведаўся пра яго ночнае падарожжа. Ён не ведаў, што Сід, які нібы хроп, сапраўды не спаў і прачнуўся каля гадзіны таму.

Калі Том расплюшчыў вочы, Сід даўно ўжо адзеўся і вышаў. Па святлу і па ўсім відаць было, што час ужо позні. Том вельмі здзівіўся: чаму яго не пабудзілі, не лезлі да яго, каб ён уставаў, як гэта рабілася звычайна. Яму зрабілася жудасна, ён адчуваў нешта нядобрае. У пяць мінут ён адзеўся і сышоў ўніз, хаця яму хацелася яшчэ паспаць. Уся сям’я была ў зборы і сядзела за сталом, але снеданне ўжо скончылася. Ніхто нічога не сказаў Тому, не папікнуў яго, але па вачах цёткі ён пазнаў, што яна ведае. Усе маўчалі, і ва ўсіх быў такі ўрачысты выгляд, што вінаваты пахаладзеў ад страху. Ён сеў і стараўся быць вясёлым — але дарэмна! Ніхто нават не ўхмыльнуўся на яго жарты, і ён таксама змоўк, адчуваючы, як сціснулася яго сэрца.

Пасля снедання цётка адвяла яго ў бок, і Том бадай павесялеў, спадзяючыся, што справа скончыцца лупцоўкай. Але вышла не так. Цётка заплакала, пытаючыся, як у яго хапіла духу так разбіць яе старое сэрца, і сказала, што цяпер ужо ён можа рабіць, што толькі захоча: загубіць сябе, абняславіць яе сівую галаву, звесці яе ў магілу — усёроўна выпраўляць яго бескарысна; яна ўжо больш не будзе і прабаваць.

Гэта было горш за ўсякую лупцоўку, і сэрца ў Тома балела цяпер больш, як яго стомленае цела. Ён сам расплакаўся, прасіў дараваць яму, панадаваў абяцанняў выправіцца і нарэшце быў адпушчаны, але адчуваў, што дараванне цётчына няпоўнае і давер’е яму вельмі слабае.

Ён вышаў з дому і быў такі няшчасны, што нават не падумаў адпомсціць Сіду, які выдаў яго, і Сід зусім дарма