Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Іржа такая. Паспрабуй праглынуць, тады ўбачыш.

Тады Том узяў адну з сваіх іголак, і кожны хлопчык па чарзе ўкалоў сабе палец і выціснуў з яго каплю крыві.

Зрабіўшы гэта некалькі разоў і карыстаючыся мізінцам заместа пяра, Том вывеў унізе пачатковыя літары свайго імя, потым навучыў Гекльберы, як напісаць Г. Ф., і дагавор быў падпісаны. Яны ўрачыста, з рознымі царамоніямі і заклінаннямі закапалі трэску каля самай сцяны, лічачы, што цяпер іхнія языкі замкнутыя назаўсёды і ключы закінуты.

Праз дзірку на другім канцы напалову разбуранага будынка прабралася чалавечая постаць, але хлопчыкі яе не заўважылі.

— Том, — прашаптаў Гекльберы, — ты ўпэўнены, што пасля гэтага мы ўжо не прагаворымся ніколі?

— Вядома, упэўнены. Што-б ні здарылася, мы цяпер — магіла. Мы зараз-жа на месцы павалімся мёртвымі, калі прагаворымся. Ці-ж ты забыў?

— Яно так, ды…

Раптам недалёка ад іх, усяго за якіх-небудзь крокаў дзесяць, пачулася працяглае сумнае сабачае выццё. Хлопчыкі ў спалоху прыціснуліся адзін да аднаго.

— На каго-ж гэта яна з нас? — прашаптаў Гекльберы.

— Не ведаю, паглядзі ў шчэлку, ды хутчэй-жа?

— Не, ты паглядзі!

— Не магу, не магу я, Гек!

— Ды паглядзі, Том. Вось зноў…

— О! як я рады! — прашаптаў Том. — Я пазнаю брэх: гэта сабака Гарбізона.

— Ну, дзякуй богу! Ведаеш, я проста на смерць перапалохаўся, — я думаў, што бадзяжны сабака.

У гэты час сабака зноў завыў. У хлопчыкаў зноў сціснулася сэрца.

— Ох, не! Гэта не Гарбізонаў сабака, — прашаптаў Гельберы. — Паглядзі яшчэ, Том.

Том, дрыжучы ад страху, зірнуў праз шчэлку і ледзь чутна прамовіў: