Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вось каб ён быў цвярозы, то, магчыма, ад такога пачастунку і сканаў-бы…

Том зноў падумаў.

— Гек, ты ўпэўнены, што мы не абмовімся?

— Ды ўжо хочаш-не-хочаш, а трымаць язык за зубамі трэба. Сам разумееш… Гэтаму д’яблу метысу прыдушыць нас усёроўна, што прыдушыць пару кацянят. Калі толькі мы прагаворымся, а яго не павесяць — прапалі нашы галовы! Слухай, Том! Калі ўжо нам хочаш ці не, — трэба маўчаць, давай мы адзін аднаму паклянемся, што будзем трымаць язык прывязаным.

— Я гатоў, Гек. Гэта самае лепшае. Ну, падымай руку…

— О, не! Гэта не гадзіцца. Гэта добра ў звычайных справах, у глупствах, асабліва з дзяўчатамі, бо яны, нарэшце, усёроўна выкруцяцца і выкажуць, калі раззлуюцца; а ў гэтай справе трэба, каб дагавор быў пісаны і абавязкова крывёю.

Тому такая справа вельмі спадабалася. Яна была таямнічая, суровая і страшная. Пры святле месяца Том знайшоў чыстую сасновую трэсачку, выцягнуў з кішэні кавалак сурыка, сеў так, каб святло падала на трэску, і сяк-так накрэмзаў наступныя радкі, на кожным слове прыцмокваючы языком:

Гек Фін і Том Соўэр мы абодва клянемся што мы будзем трымаць язык за зубамі адносна гэтай справы і няхай мы ўпадзем мёртвымі на месцы калі хоць адным словам абмовімся. 

Гек прышоў у захапленне ад здольнасці Тома так хутка пісаць, ды яшчэ такім высокім стылем. Ён выцягнуў з сваёй курткі булаўку і хацеў ужо пракалоць сабе палец, але Том спыніў яго:

— Пачакай, не рабі гэтага — булаўка медная. На ёй можа быць атрута.

— Якая?