Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не страцім сілы! — прашаптаў Том, задыхнуўшыся. — Я ўжо, здаецца, больш не магу.

Гекльберы ў адказ толькі соп. Хлопчыкі напружвалі апошнія сілы. Нарэшце яны падбеглі да гарбарні, праскочылі праз адчыненыя дзверы і паваліліся зусім змораныя. Трохі счакаўшы, пульс іх пачаў біцца раўней, і Том шапнуў:

— Гек, як табе здаецца, што з гэтага выйдзе?

— Калі доктар Рабінзон памрэ, я думаю, выйдзе шыбеніца.

— Ды што ты?

— Я напэўна ведаю.

Том падумаў, потым сказаў:

— Хто-ж раскажа? Мы?

— Што ты? Звар’яцеў? Ты толькі ўяві сабе, што справа як-небудзь павернецца на карысць індзейцу Джо, або ён уцячэ і яго не павесяць, — ды ён-жа-ж тады нас абавязкова заб’е. Ужо нам тады не мінуць смерці.

— Я і сам гэта думаю, Гек.

— Калі — ўжо каму данасіць, дык няхай Меф Потэр даносіць; у яго на гэта дуроты хопіць. Ён-жа ж заўсёды п’яны.

Том нічога не сказаў — ён думаў; потым шапнуў:

— Гек, але-ж Меф Потэр не ведае — як-жа ж ён можа данесці?

— Гэта-ж як ён не ведае?

— А, вядома, не ведае. Яму-ж доктар трэснуў па галаве акурат у той момант, калі індзеец Джо ўсадзіў у доктара нож. Дзе-ж яму было бачыць?

— І то праўда!

— Апрача таго, хто ведае, можа ад гэтага ўдару яму і капут ужо.

— Не, Том, гэта наўрад. Ён проста быў п’яны. Я гэта заўважыў. Ды ён і заўсёды п’яны. Калі мой бацька п’яны, яго можна трэснуць па галаве хоць цэлай вежай, — нічога яму не станецца. Ён сам кажа. Таксама і з Мефам Потэрам.