Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

замахнуўся і адным ударам паваліў індзейца на зямлю. У Потэра ад здзіўлення вываліўся з рук нож, і ён крыкнуў:

— Эй, вы! Гэта што такое? Я таварыша біць не дазволю!

І ён кінуўся на доктара. Яны сашчапіліся і пачалі борацца, напружваючы ўсе сілы, тапчучы траву і ўзрываючы нагамі мяккую зямлю. Індзеец Джо ўскочыў на ногі; вочы яго гарэлі нянавісцю. Ён падняў кінуты Потэрам нож і, крадучыся, як кошка, увесь выгнуты, пачаў кружыцца вакол барцоў, выглядаючы зручны момант.

Раптам доктар вызваліўся з абдымкаў праціўніка, схапіў цяжкую дошку з магілы Вільямса і зваліў ёю Потэра на зямлю. У той-жа момант метыс усадзіў увесь нож у грудзі маладога чалавека. Той захістаўся і паваліўся на Потэра, запэцкаўшы яго сваёй крывёю.

У гэтую мінуту насунуліся хмары і схавалі ад вачэй мімавольных гледачоў усю гэту жудасную сцэну; перапалоханыя хлопчыкі як мага кінуліся бегчы прэч.

Калі месяц зноў вынырнуў з-за хмар, індзеец Джо стаяў над двума распасцертымі на зямлі фігурамі. Доктар прамармытаў нешта незразумелае, разы са два ўздыхнуў і сціх.

— Ну, чорт цябе дзяры! — сказаў метыс — Цяпер мы з табой квіты.

Ён абадраў мерцвяка, потым улажыў няшчасны нож у правую руку Потэра і ўсеўся на перакуленую дамавіну. Прайшло тры, чатыры, пяць мінут… Потэр паварушыўся і застагнаў. Ён сціснуў у руцэ нож, паднёс яго к вачам, уздрыгануўся і выпусціў нож з рук. Потым падняўся і сеў, адапхнуў ад сябе мёртвае цела доктара, паглядзеў на яго, потым мутнымі вачыма агледзеўся навакол і сустрэў позірк метыса.

— Што гэта? Як яно здарылася, Джо?

— Справа дрэнная, — сказаў той, не варухнуўшыся з месца. — Навошта ты яго гэтак?

— Я? І не думаў.

— Гавары, каму хочаш! Гэтым справы не вернеш!