Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і дзве рыдлёўкі. Яны палажылі на зямлю насілкі і пачалі раскапваць магілу.

Доктар паставіў ліхтар на беразе магілы, а сам сеў на зямлю, прысланіўшыся спіною да аднаго з вязаў.

Ён быў так блізка, што хлопчыкі маглі дакрануцца да яго.

— Хутчэй, браткі! — казаў ён ціха. — Кожную хвіліну можа ўзыйсці месяц.

Яны нешта буркнулі ў адказ і дружна ўзяліся за рыдлёўкі. Некаторы час нічога не было чуваць, апрача шурхання зямлі. Гук гэты наводзіў сум сваёй аднастайнасцю. Нарэшце пачуўся глухі стук аб дрэва: рыдлёўка стукнулася аб дамавіну, і праз некалькі мінут яе выцягнулі наверх. Тымі-ж рыдлёўкамі паднялі крышку, выцягнулі мерцвяка і груба кінулі яго на зямлю. У гэты момант месяц выплыў з-за хмар і асвятліў сіні, страшны твар нябожчыка.

Яго палажылі на загадзя падрыхтаваныя насілкі, накрылі коўдрай і прывязалі вяроўкай. Потэр вынуў вялікі складаны нож, адрэзаў лішні канец вяроўкі і сказаў:

— Ну, гатова ваша праклятая работа. Цяпер давайце яшчэ пяць залатых, а то мы яго так тут і кінем.

— Разумныя словы прыемна слухаць, — падтрымаў індзеец Джо.

— Дазвольце! Гэта што азначае? — засупярэчыў доктар. — Вы-ж патрабавалі ўсе грошы наперад, і я заплаціў вам.

— Так, і яшчэ нешта вы зрабілі, — сказаў Джо, падышоўшы да доктара, які ўстаў на ногі. — Пяць гадоў назад вы мяне выгналі з кухні вашага бацькі, куды я зайшоў папрасіць чаго-небудзь з’есці. Вы сказалі, што я прышоў з нядобрай думкай. А калі я пакляўся адпомсціць вам за гэта хоць праз сто гадоў, ваш бацька пасадзіў мяне ў турму, як валацугу. Вы думалі, я пра гэта забыўся? Нездарма ў мяне індзейская кроў. Цяпер вы ў мяне ў руках, і мы з вамі палічымся, так і ведайце!

Ён пагражаў доктару кулаком у самы твар. Той раптам