Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Глядзі! Ты бачыш? — шапнуў Том.

— Што гэта, Том? Гэта пякельны агонь! Ах, Том, як страшна!

З цемры высунуліся нейкія цмяныя фігуры. Перад імі калыхаўся стары бляшаны ліхтар, рассыпаючы па зямлі безліч іскраў святла.

— Гэта, напэўна, чэрці! — трасучыся шапнуў Гекльберы. — Аж тры! Прапала мая галава!

— Ды ты не бойся — яны нас не крануць.

— Тсс!

— Што такое, Гек?

— Гэта людзі! Прынамсі, адзін з іх. Гэта стары Меф Потэр. Я пазнаў яго голас.

— Ну? Не можа быць!

— Далібог, пазнаў. Ты стаіся, не дыхай. Ён нас не ўбачыць, — дзе яму! Стары пэўна п’яны, як заўсёды.

— Добра, стаюся. Вось яны ўсталі. Відаць, шукаюць нешта. Вось зноў ідуць сюды. Бач, як бягуць. Во як пруць! Ну, пэўна сюды! Слухай, Гек, я і другі голас пазнаў — гэта індзеец Джо!

— Ну, вядома, пракляты метыс! Лепш ужо тады гэта былі-б чэрці. І што ім тут трэба?

Але тут хлопчыкі і шаптацца перасталі, бо ўсе гэтыя тры фігуры дайшлі да магілы і спыніліся недалёка ад таго месца, дзе схаваліся нашы героі.

— Тут! — сказаў трэці і падняў ліхтар так, што асвятліў сабе твар. Хлопчыкі пазналі маладога доктара Рабінзона.

Потэр і індзеец Джо неслі насілкі, на іх ляжала вяроўка