Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гекльберы шапнуў у адказ:

— Хто іх ведае! А жудасна тут. Праўда?

— Ну, вядома!

Настала доўгае маўчанне. Абодва хлопчыкі думалі пра адно і тое самае. Потым Том шапнуў:

— Слухай, Гек, як ты думаеш, Вільямс чуе, што мы гаворым?

— Вядома, чуе. Прынамсі, душа яго чуе.

Зноў пауза.

— Шкада, што я назваў яго проста Вільямс, а не містэр Вільямс. Але-ж я не хацеў яго абразіць. Яго ўсе так называлі.

— Трэба быць больш асцярожным, Том, калі гаворыш пра нябожчыкаў.

Гэтая заўвага адбіла ў Тома ахвоту весці далейшую гутарку. Але раптам ён схапіў таварыша за руку.

— Тс!

— Што там такое?

І абодва, моцна прыціснуўшыся адзін да аднаго, чакалі што будзе.

— Тсс! вось зноў! Ты чуеш?

— Я…

— Ага! цяпер і ты пачуў.

— Том, яны ідуць! Гэта яны! Што нам рабіць?

— Не ведаю. Ты думаеш, яны нас убачаць?

— Ох, Том, яны-ж у цемры бачаць, як кошкі! І навошта толькі я пайшоў!..

— Ды ты не бойся… Я думаю, яны нас не крануць. — Мы-ж нічога дрэннага не робім. Калі мы стоімся, можа яны нас і зусім не заўважаць.

— Паспрабуем. Але-ж толькі ой як страшна! Я ўвесь дрыжу.

— Тсс! слухай!

Хлопчыкі, ледзь дыхаючы, шчыльней прыціснуліся адзін да аднаго. З другога канца могілак данасіліся прыглушаныя галасы.