Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

знаходзіліся на ўзгорку, мілі за паўтары ад вёскі. Яны былі агарожаны старым дашчатым плотам, які то выгінаўся ў сярэдзіну, то ў процілеглы бок, але нідзе не стаяў прама. Усе могілкі зараслі пустазеллем, у якім танулі паасобныя магілы. На магілах не было ніводнага помніка; замест гэтага стаялі гнілыя дошкі, закругленыя ўверсе, выедзеныя чарвяком і гатовыя паваліцца на зямлю. На ўсіх дошках калісьці былі надпісы з імёнамі нябожчыкаў; але літары так сцерліся, што цяпер іх нельга было-б прачытаць і пры святле.

Вецер ціха і жалабна стагнаў у верхавінах дрэў, і хлопчыкам рабілася яшчэ больш страшна. Яны мала гаварылі між сабой і то толькі шэптам: час і месца, урачыстая цішыня і таемнасць наводзілі на іх жах. Яны знайшлі свежую магілу, якую шукалі, і сталі каля трох вялікіх вязаў, за два крокі ад магілы.

Так яны стаялі і чакалі, як ім здалося, вельмі доўга. Здалёк крычала сава, і гэта былі адзіныя гукі, якія парушалі мёртвую цішу. Думкі Тома так прыгняталі яго, што ён адчуў патрэбу пачаць гутарку.

— Як ты думаеш, Гек, — пачаў ён шэптам, — раззлуюцца нябожчыкі на нас, што мы прышлі сюды?