Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўважліва агледзеў зуб. Спакуса была вялікая. Нарэшце ён спытаўся:

— Гэта сапраўдны?

Том падняў верхнюю губу і паказаў дзірку.

— Ну, добра, — па руках.

Том палажыў кляшча ў карабок ад пістонаў, які яшчэ нядаўна служыў турмой жуку, і хлопчыкі разышліся, кожны адчуваючы сябе багацейшым.

Дайшоўшы да маленькага дома, дзе змяшчалася школа, Том шпарка ўвайшоў з выглядам чалавека, які добрасумленна спяшаецца на лекцыі, павесіў шапку на цвік і з працавітай спешкай сеў на лаўку. Настаўнік сядзеў на высокім шчарбатым крэсле і спакойна драмаў пад ціхі гул галасоў. Прыход Тома разбудзіў яго.

— Томас Соўэр!

Том ведаў, што калі настаўнік называе яго поўным імем, дык добрага чакаць ад гэтага нельга.

— Сэр?

— Хадзі сюды! Ну, сэр, чаму вы сёння зноў спазніліся? Тому лёгка было-б выкруціцца, зманіць, але ён збіўся з панталыку і, не падумаўшы, адказаў:

Я спыніўся пагутарыць з Гекльберы Фінам.

У настаўніка аж дух захапіла; ён збянтэжана азіраўся навакол. Гудзенне сціхла. Школьнікі дзівіліся, ці не звар’яцеў гэты смяльчак. Настаўнік пачаў:

— Ты… ты што зрабіў?

— Я спыніўся пагутарыць з Гекльберы Фінам.

Памыліцца ў сэнсе гэтых слоў было немагчыма.

— Том Соўэр, гэта самае незвычайнае прызнанне, якое я чуў на сваім вяку. За такую дзёрзкасць мала лінейкі. Здымай куртку!

Рука настаўніка працавала, пакуль не змарылася. Пук лазы зменшыўся значна. Потым быў загад:

— Цяпер ідзі і садзіся з дзяўчатамі! І хай гэта паслужыць табе навукай.