Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хіхіканне, якое чулася ў класе, збянтэжыла хлопчыка, і ён сеў побач з той незнаёмай дзяўчынкай, перад якой ён столькі «фігураваў» у суботу. Дзяўчынка трасанула галоўкай і адсунулася ад яго. Том сядзеў ціха, абапёршыся на парту, і, здаецца, старанна чытаў. Праз некаторы час ён перастаў быць цэнтрам агульнай увагі, і клас зноў напоўніўся звычайным школьным гудзеннем. Тады Том пачаў цішком пазіраць на суседку. Тая заўважыла гэта, скрывіла твар і на хвіліну павярнулася да яго спіной. Калі-ж яна асцярожна зноў павярнулася да яго тварам, перад ёю ляжаў персік. Дзяўчынка адштурхнула яго. Том зноў ціханька пасунуў. Яна зноў адсунула, але ўжо не так варожа. Том цярпліва палажыў персік зноў на месца, — і яна пакінула яго там. Том накрэмзаў на грыфельнай дошцы: «Калі ласка, вазьміце, — у мяне ёсць яшчэ». Дзяўчынка паглядзела на дошку, але нічога не адказала. Хлопчык зноў пачаў нешта крэмзаць, засланяючыся ад яе левай рукой. Дзяўчынка спачатку прыкідвалася, што не звяртае ўвагі, але потым прыродная чалавечая цікавасць пачала, відаць, прачынацца ў ёй. Хлопчык крэмзаў, нібы нічога не бачыў. Дзяўчынка паспрабавала зірнуць, што ён піша, але так, каб не вельмі сябе выдаць. Том зноў-жа не падаў знаку, што ён заўважыў яе цікавасць. Нарэшце яна не вытрымала і нерашуча шапнула:

— Дайце паглядзець!

Том паказаў частку досыць карыкатурнага рысунка дома з пакатым дахам і дымам, які высоўваўся з коміна, як пробачнік. Дзяўчынка паступова зацікавілася яго работай і забылася на ўсё ў свеце. Калі Том скончыў, яна доўга глядзела, а потым шапнула:

— Якое хараство! Цяпер нарысуйце чалавека.

Мастак паставіў на дварэ перад домам чалавека, падобнага на пад’ёмны кран, і такога высокага, што ён мог-бы пераступіць цераз дом. Але дзяўчынка не належала да суровых крытыкаў. Яна задаволілася вырадкам і прашаптала:

— Які прыгожы! Цяпер нарысуйце мяне побач з ім.

Том нарысаваў пясочны гадзіннік, зверху прыладзіў да яго