Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ды яго-ж яшчэ ў суботу пахавалі, Гек. Яны, мусіць, ужо пацягнулі яго ў суботу ўначы.

— Ну, што ты гаворыш? Як-жа ж яны маглі пацягнуць яго перад поўначчу? А з поўначы ўжо падышла нядзеля. Я нешта не чуў, каб чэрці маглі вольна швэндацца па зямлі ў нядзелю.

— Гэта праўда. Я аб гэтым не падумаў. Возьмеш мяне з сабой?

— Вядома, калі ты не баішся.

— Баюся! Ну вось яшчэ! Ты мяўкнеш пад акном?

— Добра, і калі табе можна выйсці, ты сам мяўкні ў адказ. А то мінулы раз ты столькі пратрымаў мяне дарма. Ужо-ж я мяўкаў, мяўкаў, пакуль стары Гейс не пачаў кідаць у мяне каменнем, кажучы: «Чорт-бы пабраў гэтую кошку!» За гэта я пабіў яму акно цэглай, — толькі ты нікому не кажы.

— Добра. У тую ноч я не мог мяўкаць: цёця ўвесь час сачыла за мной. Але сёння я абавязкова мяўкну. Слухай, Гек, што гэта ў цябе?

— Ды нічога такога, — клешч.

— Дзе ты яго ўзяў?

— А ў лесе.

— Што возьмеш за яго?

— Не ведаю. Мне неахвотна яго прадаваць.

— Як хочаш. Ды і клешч малюсенькі.

— Ужо-ж! Чужое заўсёды стараюцца зганіць. А мне і такі клешч добры. Для мяне і гэтага досыць.

— Кляшчоў у лесе колькі хочаш. Я мог-бы набраць тысячу, каб захацеў.

— Зачым-жа ж справа стаіць? Чаму-ж ты не ідзеш у лес? Ага! сам ведаеш, што гэта табе не ўдалося-б. А я табе скажу, што гэты клешч вельмі ранні, першы, якога я знайшоў сёлета.

— Слухай, Гек, я табе дам за яго свой зуб.

— Дай паглядзець!

Том дастаў паперку і асцярожна разгарнуў яе. Гекльберы