«А потым трэба хуценька адыйсці на адзінаццаць крокаў, заплюшчыўшы вочы, і пасля таго тры разы павярнуцца на месцы і па дарозе дадому ні з кім не гаварыць. Калі ты скажаш хоць адно слова, усе чары прападуць».
— Так, яно падобна на праўду, толькі Боб Танер рабіў не так.
— Ды ўжо-ж пэўна не так! Ён з усіх рэбят у горадзе самы барадаўчаты. Ну, а як іх знішчаць здохлымі катамі?
— А вось як. Вазьмі ката і ідзі з ім на могілкі, каля поўначы, на такое месца, дзе пахаваны які-небудзь злы чалавек, і вось у поўнач з’явіцца чорт, а можа — і два, і тры; але ты іх не ўбачыш, толькі пачуеш, нібы вецер зашуміць, а можа і пачуеш, як яны будуць размаўляць паміж сабой. І калі яны павалакуць мерцвяка, ты кінь ім услед ката і скажы: «Чорт за мерцвяком, кот за чортам, бародаўкі за катом, — тут і справе канец, а мне вось больш не трэба!» Ад гэтага кожная бародаўка знікне.
— Выходзіць, што так. Ты калі-небудзь прабаваў, Гек?
— Не, мне старая цётка Гопкінс казала.
— Ну, калі так, значыцца, праўда: кажуць, яна вядзьмарка.
— Кажуць! Ды я напэўна ведаю, што яна чараўніца. Яна бацьку сапсавала. Бацька сам казаў. Раз ён ідзе і бачыць, што яна на яго «напушчае». Ён узяў камень ды і кінуў у яе, яна ўхілілася. І што-ж ты думаеш: у гэтую самую ноч ён скаціўся з павеці, дзе спаў п’яны, і зламаў сабе руку.
— Якія жахі! Але як-жа ж ён пазнаў, што яна на яго «напушчае»?
— Ну вось яшчэ! Бацька казаў, што пазнаць — плёвая рэч. Бацька кажа: калі які чалавек на цябе пільна глядзіць, ды яшчэ пры гэтым мармоча сам сабе, — абавязкова псоту напушчае. Таму, калі чараўнік мармоча сам сабе, гэта азначае — ён малітву чытае наадварот.
— Слухай, Гек, ты калі будзеш прабаваць з катом?
— Сёння ноччу. Я так думаю, чэрці абавязкова прыдуць па старога Вільямса.