Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на што-небудзь захварэць? Ён даследваў сябе — нідзе не баліць. Памацаў сябе яшчэ раз. На гэты раз яму здалося, нібы ў яго пачынае калоць у жываце, і ён узрадаваўся, спадзяючыся, што боль узмацніцца. Але боль, наадварот, пачаў сцішацца і паступова зусім знік.

Том зноў пачаў меркаваць і раптам успомніў, што ў яго хістаецца зуб. Гэта было вельмі дарэчы; ён ужо збіраўся «завыць як сабака», але раптам яму прышло ў галаву, што калі ён скажа пра зуб, то цётка возьме ды і вырве яму зуб, — а гэта балюча. Таму ён парашыў, што зуб лепш пакінуць на запас і пашукаць чаго-небудзь іншага.

Некаторы час нічога не знаходзілася. Потым ён успомніў, як доктар расказваў пра адну хваробу, якая палажыла хворага ў ложак на тры тыдні ды яшчэ пагражала стратай пальца. Хлопчык паспешна выцягнуў з-пад коўдры вялікі палец і пачаў яго аглядаць. Але ён не ведаў, якія адзнакі гэтай хваробы. У кожным разе паспрабаваць варта было-б, і ён пачаў енчыць.

Але Сід спаў.

Том застагнаў яшчэ больш, і яму здалося, што палец у яго сапраўды баліць.

Сід не адгукаўся.

Том нават запыхаўся ад намаганняў. Ён адпачыў крыху, набраў паветра ў лёгкія і выпусціў некалькі дасканалых енкаў.

Сід толькі хроп.

Гэта злавала Тома. Ён паклікаў: «Сід! Сід!» і тузануў брата за плячо. Гэта падзейнічала, і Том зноў застагнаў. Сід пазяхнуў, пацягнуўся, прыпадняўся на лакцю, засоп і ўтаропіўся на Тома. Той усё енчыў. Сід гукнуў яго:

— Том! Слухай, Том!

Адказу не было.

— Ты чуеш, Том? Том, што з табой?

І Сід у сваю чаргу тузануў брата, трывожна ўглядаючыся яму ў твар.

Том жаласна прастагнаў: