Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пакінь, Сід, не чапай мяне!

— Ды што з табой, Том? Я паклікаю цёцю.

— Не, не трэба. Можа гэта пройдзе. Нікога не клікай. Не трэба.

— Ну вось яшчэ! Вядома, паклікаю. Ды не стагні ты так! Гэта-ж жах! Даўно гэта з табой?

— Некалькі гадзін. Ой! Калі ласка, не торгай мяне, Сід! Ты мяне заморыш.

— Чаму-ж ты раней не разбудзіў мяне? Том, браток, не стагні так: мяне аж мароз дзярэ па скуры. Што ў цябе баліць?

— Я ўсё табе дарую, Сід! (Стогн.) Усё, што ты зрабіў мне дрэннага, Калі мяне не будзе…

— О, Том, няўжо-ж ты паміраеш? Том, родненькі, не памірай! Не трэба. Можа…

— Я ўсім дарую, Сід! (Стогн.) Скажы ім гэта. Я маю рамку ад акна і аднавокае кацянё аддай той дзяўчынцы, што нядаўна прыехала, і скажы ёй…

Але Сід схапіў сваё адзенне і знік. Том так старанна ўяўляў сябе хворым, што сапраўды ўжо хварэў, і стогн яго быў зусім натуральны.

Сід імчаўся ўніз па лесвіцы і крычаў:

— Цёця Поллі, ідзіце хутчэй! Том памірае!

— Памірае?

— Але! Чаго-ж вы чакаеце? Ідзіце хутчэй!

— Глупства! Не веру!

Але тым не менш яна ўжо бегла нагару, а Сід і Мэры за ёй. І твар у яе зрабіўся зусім бледны, і губы дрыжэлі. Падбегшы да пасцелі Тома, яна ледзь магла прамовіць:

— Том, любы, што з табой?

— Ох, цёця, я…

— Што з табой, дзіця маё?

— Ох, цёця, у мяне антонаў агонь у пальцы.

Старая ўпала на крэсла і засмяялася, потым заплакала, потым зноў засмяялася і заплакала.

Ад гэтага ёй палягчэла, і яна сказала: