Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


Што тут адбылося! Пудэль дзіка заскавытаў і пачаў кідацца па царкве; перад самым алтаром перабег на другі бок, стралой панёсся да дзвярэй, ад дзвярэй — назад, не спыняючы брахаць і скуголіць, бо жук уеўся яму ў жывот і не разнімаў свае сківіцы; чым больш сабака кідаўся, тым мацней быў боль, і нарэшце пудэль ператварыўся ў нейкую лахматую камету, якая круцілася па сваёй арбіце з неймавернай хуткасцю. Скончылася тым, што ашалелы пудэль кінуўся ўбок і ўскочыў на калены свайму гаспадару, а той выкінуў яго праз акно.

Усе сядзелі чырвоныя, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць голасна. Нават прапаведнік збіўся з панталыку і хаця зараз-жа аднавіў сваю прамову, але цяпер гаварыў ужо нягладка, запінаючыся, адчуваючы, што ўсёроўна шансы на поспех страчаны, бо нават на самыя сур’ёзныя яго фразы слухачы, хаваючыся за спінкамі лавак, адгукаліся толькі прыдушанымі выгукамі самай паганай вясёласці, нібы прапаведнік сказаў нешта надзвычайна забаўнае.

Усе ўздыхнулі з палягчэннем, калі гэтая пакута скончылася, і пастар сказаў «аман».

Том Соўэр ішоў дадому вясёлы, кажучы сабе, што і царкоўная служба часам можа быць не надта ўжо нуднай, калі толькі ўнесці ў яе некаторую рознастайнасць. Адно толькі псавала яго радасць: ён нічога не меў супроць таго, каб пудэль пагуляў з яго жуком, — але навошта-ж было зусім забіраць яго? Гэта ўжо нядобрасумленна.

Раздзел V

У панядзелак Том Соўэр прачнуўся зусім няшчасным. З ім заўсёды так было па панядзелках, бо гэтым днём пачынаўся тыдзень новых пакут у школе. Ён нават шкадаваў, што ўчора было свята, бо пасля волі зварот у няволю быў яшчэ цяжэйшым.

Том ляжаў і думаў. Раптам ён адчуў, што хоча захварэць, каб застацца дома і не хадзіць у школу. Сапраўды, ці нельга