Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Том, гэта мне зусім усёроўна. Я не ўсюды, і цярпець больш не магу. Гэта проста смерць — быць так звязаным па руках і па нагах. Гэта мяне ў магілу загоніць! Мне ўжо ежа ў горла не лезе. Здаецца, хутка і дыхнуць без дазволу нельга будзе. Мяне прымушаюць гаварыць так мудрона, што ў мяне і наогул гаварыць прапала ахвота. Мне даводзіцца часам ісці на гару, каб добра вылаяцца і пацешыць сваю душу, — а то я не вытрымаў-бы! Удава мне не дазваляе курыць, не дазваляе ні крычаць, ні пазяхаць, ні пацягвацца, ні чухацца пры кім-небудзь. Мне трэба было ўцячы, Том, неабходна было! І потым хутка пачнуцца заняткі ў школе; мажліва, мяне яшчэ і туды пасылаць будуць, — ну, а гэта я зусім не вытрымаю! Бачыш, Том, мабыць багацце не для мяне. Ад яго толькі прыкрасць і непрыемнасці, — проста ўвесь час смерці жадаеш. А вось гэтае рыззё для мяне, і больш з ім разлучацца я не жадаю. Ніколі не здарылася-б са мною такая бяда, каб не гэтыя праклятыя грошы. Том, вазьмі ты сабе, калі ласка, маю долю і карыстайся ёю як сваёй, а мне выдавай часам толькі па дзесяць пенсаў — і то не часта, бо мне падабаецца толькі тое, што не лёгка даецца. А ты за гэта ідзі і адпрасіся за мяне ў удавы.

— Кінь, Гек, ты ведаеш, што я не магу, — гэта нячэсна. І… калі ты пастараешся яшчэ трохі, то потым прывыкнеш.

— Прывыкну? Хіба можна прывыкнуць сядзець на распаленай пліце… Не, Том, не хачу я быць багатым, не хачу жыць у гэтых агідных вылізаных дамах. Я люблю лес, рэчку, люблю начаваць у бочках, — вось гэта для мяне. Акурат цяпер, калі ў нас ёсць і стрэльбы, і пячора, і ўсё, што патрэбна для разбою, — трэба-ж было трапіць гэтым грошам і ўсё папсаваць.

Том паспяшаўся скарыстаць гэтую тэму:

— Пачакай, Гэк, багацце-ж не перашкодзіць мне зрабіцца разбойнікам.

— Ну? Ды ты гэта ўзапраўду, Том?

— Яй-права, узапраўду. Але-ж толькі цябе нельга будзе