Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і прытупваючы нагой. Яна зараз-жа пайшла і перадала ўсё Тому.

Суддзя Тэчэр спадзяваўся ўбачыць калі-небудзь Тома вялікім адвакатам ці вялікім палкаводцам. Ён казаў, што паклапаціцца аб тым, каб хлопчыка прынялі ў нацыянальную ваенную акадэмію, а потым, каб ён праслухаў курс у лепшай школе юрыдычных навук і такім чынам падрыхтаваўся да абодвух гэтых кар’ер.

Багацце, якое дасталося Гекльберы Фіну, і пратэктарства ўдавы Дуглас прывялі Гека ў грамадства, не — уцягнулі, уціснулі яго туды сілком, і яго пакуты перавышалі яго сілы. Служанкі ўдавы мылі яго і чысцілі яму адзенне, зачосвалі і прыгладжвалі яму валасы, на ноч укладвалі яго спаць у абсалютна чыстую пасцелю, дзе на прасціне і коўдры не было ніводнай бруднай плямкі, якую ён мог-бы шчыра прыціснуць да свайго сэрца; прымушалі яго есці нажом і вілкай з талерак і місак, карыстацца сарвэткай, вучыцца па кнізе, хадзіць у царкву, гаварыць так зграбна, што ў яго словы застравалі ў роце. Куды ні павярніся, усюды путы і кайданы скоўвалі яго па руках і па нагах, і бар’еры загараджвалі яму дарогу.

На працягу трох тыдняў ён мужна цярпеў свае нягоды, але потым, у адзін добры дзень, знік. Цэлых двое сутак хвалявалася місіс Дуглас, усюды шукаючы яго. Публіка была ў поўным недаўменні. Гека шукалі на горах і ў далінах, вышукалі нават раку, шукаючы яго цела.

Нарэшце, на трэці дзень раніцою Тому Соўэру прышла ў галаву добрая думка — пашукаць у пустых адрынах за пакінутай бойняй, і ў адной з іх ён знайшоў уцекача. Гек спаў. Ён толькі што паснедаў, недзе сцягнутымі аб’едкамі, і цяпер, выкурыўшы люльку, з камфортам адпачываў. Ён быў нямыты, нячосаны і адзеты ў ранейшыя лахманы, якія рабілі яго такім цікавым у тыя дні, калі ён быў яшчэ вольны і шчаслівы. Том пабудзіў яго, расказаў, колькі прыкрасці ён зрабіў усім, і ўгаварваў яго вярнуцца дадому. Твар Гека страціў спакойны выгляд і зрабіўся сумным.