Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раздзел ХХХІV

Удача, якая трапіла на долю Тома і Гека, у такім глухім гарадку, як Пітэрсборо, зрабіла, вядома, вялізнае ўражанне. Такая вялікая сума грошай ды ўсё чыстым золатам — гэта здавалася проста непраўдападобным. Пра знаходку гаварылі, перагаварвалі з захапленнем, а некаторыя абываталі ледзь не страцілі розум ад такога незвычайнага ўзбуджэння.

У Пітэрсборо і ваколічных вёсках ператрэслі ўсе дамы, дзе вадзілася «погань», уздзёрлі кожную дошку з падлогі, капаліся пад фундаментам, шукаючы скарбы, — і не хлопчыкі, а дарослыя мужчыны, да таго-ж людзі сур’ёзныя, паважныя, зусім не лятуценнікі.

Тома з Гекам песцілі, завіхаліся каля іх, дзівіліся на іх, куды-б яны ні з’явіліся. Хлопчыкі не маглі прыпомніць, каб калі-небудзь раней хто-небудзь звяртаў увагу на іхнія словы; цяперака-ж кожная іхняя заўвага паўтаралася ўсімі, як нешта каштоўнае; у кожным іхнім учынку бачылі нешта асаблівае, нібы яны ўжо страцілі здольнасць рабіць і казаць звычайныя рэчы; мала гэтага, нават у ранейшым іхнім жыцці вышуквалі словы і факты, якія-б дзівілі сваёй арыгінальнасцю. У мясцовай газеце надрукаваны былі біяграфіі абодвых хлопчыкаў.

Удава Дуглас палажыла ў банк грошы Гека, а суддзя Тэчэр, па просьбе цёці Поллі, зрабіў тое самае для Тома.

Суддзя Тэчэр адчуў вялікую павагу да Тома. Ён казаў, што звычайны хлопчык ніколі не здолеў-бы вывесці яго дачку з пячоры. Калі-ж Бэкі, пад сакрэтам, расказала бацьку, як Том даў сябе адлупцаваць замест яе ў школе, суддзя быў расчулены, і, калі яна пачала прасіць яго, каб ён не асуджаў Тома за ману, якую яму прышлося сказаць для таго, каб выратаваць яе з бяды і ўскласці гэтую бяду на ўласныя плечы, — судзя ў захапленні абвясціў, што гэта была высокая, багародная, самаахвярная хлусня. Бэкі ніколі яшчэ не бачыла свайго бацьку такім велічным, як у тую мінуту, калі ён казаў гэта, шпарка шагаючы па пакоі