Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Місіс Дуглас абвясціла, што яна парашыла ўзяць Гека да сябе ў дом і даць яму адукацыю, а потым памагчы яму знайсці сабе які-небудзь занятак.

Тут выступіў Том.

— Гек не мае патрэбы ў гэтым, — сказаў ён. — Гек сам багаты чалавек.

Каб усе госці не былі такога добрага выхавання, яны, безумоўна, сустрэлі-б дружным рогатам гэты наіўны жарт, але і маўчанне вышла досыць няёмкім, і Том паспяшаўся парушыць яго:

— У Гека ёсць свае грошы. Вы можаце не даваць мне веры, але ў яго ёсць куча грошай. Не смейцеся, калі ласка, я вам зараз пакажу. Пачакайце хвілінку!

Том выбег з пакою. Усе з недаўменнем і цікавасцю глядзелі адзін на аднаго і на Гека, але той маўчаў, як забіты.

— Сід, што такое з Томам? — спытала цёця Поллі. — Ён… не, з гэтым хлопчыкам ніколі не ведаеш, чаго чакаць. Я за сваё жыццё…

Цёця Поллі не скончыла фразы, бо ўвайшоў Том, згінаючыся пад цяжарам двух мяшкоў. Ён высыпаў на стол кучу золата і ўрачыста ўсклікнуў:

— Во! Што я вам казаў? Палова ўсяго гэтага належыць Геку, а другая мне!

Убачыўшы столькі золата, гледачы затаілі дыханне. Некалькі хвілін ніхто не мог вымавіць ні слова, потым, вядома, усе патрабавалі тлумачэння. Том ахвотна даў яго. Расказ яго быў доўгі, але востра цікавы. Яго амаль не прыпынялі, каб не парушыць ачаравання. Калі ён скончыў, містэр Джонс сказаў:

— Я думаў, што падрыхтаваў для публікі маленькі сюрпрыз, але ў параўнанні з гэтым мой сюрпрыз нічога не варты. Гэта я сам скажу!

Палічылі грошы. Іх аказалася больш за дванаццаць тысяч далараў. Такой сумы адразу ніхто з прысутных і ў вочы не бачыў.