Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не, Гек, пакінем іх там. Яны акурат спатрэбяцца, калі мы пачнем разбойнічаць. Мы там і будзем іх трымаць і тамака-ж будзем наладжваць оргіі. Гэта надзвычайна добрая мясціна для оргій.

— А што гэта за оргіі?

— Не ведаю. Але ў разбойнікаў заўсёды бываюць оргіі, — значыцца, і нам прыдзецца іх рабіць. Ну, хадзем, Гек; мы і так даўно тут сядзім. Час не ранні, ды і згаладаўся я вельмі. Мы ўжо там на лодцы паямо і пакурым.

Яны вышлі з густога хмызняку, асцярожна агледзеліся навакол, убачылі, што бераг пусты, перабраліся ў лодку і пачалі закусваць. Калі сонца пачало схіляцца да гарызонта, яны рушылі назад. Том увесь час веславаў, трымаючыся каля берага, бо плысці прыходзілася супроць цячэння, і весела балбатаў з Гекам. Калі сцямнелася, яны прысталі да берага.

— Ну, Гек, — сказаў Том, — цяпер мы пакуль што схаваем грошы пад страхой дрывотніка ўдавы Дуглас, а раніцою я прыду, мы іх палічым і падзелім, а потым пашукаем надзейнае месца ў лесе, каб закапаць іх. Ты пакуль застанься тут і сцеражы грошы, а я збегаю, прывалаку тачку Бэні Тэйлора. Я мігам вярнуся.

Ён знік і сапраўды хутка вярнуўся з тачкай, палажыў у яе абодва мяшкі, прыкрыў нейкай анучкай, і хлопчыкі пачалі ўзбірацца на гару, пхаючы перад сабой тачку. Дайшоўшы да дома валійца, яны спыніліся адпачнуць. І калі яны хацелі ўжо ісці далей, на парозе з’явіўся гаспадар.

— Эй, хто тут?

— Гек і Том Соўэр.

— Гэта добра! Ідзіце за мной, хлапчукі, мы вас даўно чакаем. Ну, марш наперад скокам! Я павязу вашу тачку. Але-ж яна не вельмі лёгкая. Што ў вас там? Цэгла, ці што, або старое жалеза?

— Старое жалеза.

— Я так і думаў. Нашы хлапчукі гатовы патраціць колькі хочаш часу на здабыванне старога лому, за які ім