Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дадуць шэсць цэнтаў на ліцейным заводзе, а за працу, дык не бяруцца, хоць яна прынесла-б удвая больш. Але такая ўжо чалавечая натура! Ну, марш, жывей!

Але хлопчыкі пацікавіліся, чаму-ж гэта ім трэба спяшацца.

— Вось прыбяжыце да ўдавы Дуглас, тады даведаецеся.

Гек, які на сваім вяку прызвычаіўся да дарэмных абвінавачанняў, спытаўся з трывогай:

— У чым справа, містэр Джонс? Мы нічога дрэннага не зрабілі.

Валіец аж пакаціўся ад смеху.

— Не ведаю, Гек, не ведаю, мой хлопчык. Наконт гэтага нам нічога не вядома. Але-ж ты сябруеш з удавою Дуглас?

— Так. У кожным разе яна становіцца да мяне добра.

— Ну, вось бачыш, — чаго-ж тады баішся?

Гек, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю, не паспеў прыдумаць адказу, як яго разам з Томам пхнулі ў гасціную да місіс Дуглас. Містэр Джонс пакінуў тачку за дзвярыма і ўвайшоў услед за імі.

Гасціная была ярка асветлена, і там сабраліся ўсе важныя людзі гарадка. Тут былі Тэчэры, Гарперы, Роджэрсы, цёця Поллі, Сід, Мэры, поп, выдавец газеты і яшчэ шмат народу, усе ўбраныя па-святочнаму. Удава сустрэла хлопчыкаў так шчыра, як толькі можа гаспадыня сустрэць гасцей, якія з’явіліся да яе ў такім выглядзе, як нашы героі: запэцканыя салам і глінай.

Цёця Поллі ўся пачырванела ад сораму і, нахмурыўшыся, з дакорам ківала галавой, гледзячы на Тома, але больш за ўсіх адчувалі сябе няёмка самі хлопчыкі.

— Тома не было дома, — растлумачыў Містэр Джонс, — і я нават не прабаваў знайсці яго, але потым сутыкнуўся з ім і з Гекам ля самай маёй дзверы і вось паспяшаўся прывесці іх сюды.

— І добра зрабілі, — сказала ўдава. — Хадзем за мной, дзеці!