Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Глупства! Глупства! Давай злезем у ніз і будзем аукаць скрыні.

Том палез першы, высякаючы па дарозе ступенькі ў гліністым спадзе. Гек следваў за ім. У невялікую пячору, дзе стаяла скала, выходзілі чатыры калідоры. Хлопчыкі даследвалі тры з іх і нічога не знайшлі, апрача невялікай нішы; у бліжэйшым ад скалы калідоры былі пасланыя коўдры, вісеў стары кацялок, валялася скура ад шынкі і некалькі чыста абгрызеных птушыных касцей, але грошай не было. Хлопчыкі ўсё вышныралі і вышукалі, але дарэмна. Нарэшце Том сказаў:

— Ён казаў: «пад крыжам». Гэта і ёсць пад крыжам. Не могуць-жа ж яны быць пад самай скалой: яна-ж шчыльна злучаецца з зямлёй.

Яны пашукалі яшчэ, а потым прыселі адпачыць. Гек нічога не мог прыдумаць. Нарэшце Том сказаў:

— Глядзі, Гек, на адным баку скалы відаць сляды ног і сальныя плямы ад свечкі на гліне, а з другога боку, нічога няма. Чаму гэта так? Я ўпэўнены, што грошы пад скалой. Я зараз пакапаюся ў гліне.

— Нядрэнная думка, Том! — жвава падхапіў Гек.

Том выцягнуў свой ножык і як толькі зрабіў маленечкую ямку, ножык стукнуўся аб нешта драўлянае.

— Гек, ты чуеш?

Гек сам ужо старанна капаў, дапамагаючы яму. Хутка яны дакапаліся да дошак, якія закрывалі адтуліну, што вяла пад скалу. Том пралез у сярэдзіну і выцягнуў руку са свечкай, але не мог асвятліць усёй расколіны да канца і парашыў даследваць яе. Нахіліўшыся, як мага, ён пайшоў далей. Вузкі, звілісты ход паступова паглыбляўся ў зямлю. Том ішоў наперадзе, Гек следам за ім. Яны завярнулі направа, потым налева, прайшлі яшчэ згіб, і раптам Том крыкнуў:

— Гек, глянь сюды!

Гэта быў той куфэрак са скарбам, а побач з ім пустая скрынка ад пораху, пара стрэльбаў у скураных чахлах,