Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

роўнай, адны толькі кусты, усе падобныя адзін да аднаго. Але вунь там, дзе апоўзень, бачыш, бялеецца нешта? Гэта мой знак, — мы тут і выйдзем.

Яны прысталі да берага.

— Вось адсюль, дзе стаім, Гек, ты можаш дакрануцца вудачкай да той дзверы, праз якую я вылез. Паспрабуй, брат, знайсці яе.

Гек вышукаў усё навакол і нічога не знайшоў. Том з гонарам палез у самую гушчу кустоў, кажучы:

— Во ён! Гэта самы патаемны лаз ва ўсіх тутэйшых месцах. Толькі глядзі, нікому ні гу-гу! Я даўно ўжо збіраюся ісці ў разбойнікі, ды ўсё зручнага прыстанішча не знаходзілася, такога, як гэтае, а без прыстанішча, як вядома, разбойнічаць немагчыма. А цяперака мы знайшлі і нікому пра яго не скажам, хіба толькі Джо Гарперу ды Бэну Роджэрсу, — бо трэба-ж набраць банду, а калі ўдвох, дык якія-ж гэта разбойнікі! Банда Тома Соўэра — ці не дзівосна гэта гучыць, Гек?

— Але, Том, дзівосна. А каго-ж мы будзем грабіць?

— О, каго прыдзецца! Праезджых, прахожых людзей, як належыць разбойнікам.

— І забіваць іх?

— Не, не заўсёды. Лепш трымаць іх у палоне ў пячоры, пакуль не заплоцяць выкуп!

— А што гэта такое — выкуп?

— Грошы, значыцца. Ім кажуць сабраць з сваіх прыяцеляў, колькі яны там могуць, і калі праз год яны не заплоцяць выкупу, тады іх забіваюць. Але жанчын нельга забіваць, Жанчыны заўсёды красуні і багатыя і страшэнна баяцца. У іх адбіраюць гадзіннікі і ўсё такое, але гаварыць з імі трэба заўсёды далікатна і зняўшы капялюш. Разбойнікі надзвычайна далікатны народ! Гэта ва ўсіх кнігах гаворыцца. Ну, жанчыны, звычайна, пачынаюць кахаць разбойнікаў. Пасядзеўшы ў пячоры тыдзень-другі, яны перастаюць плакаць і потым ужо самі не хочуць пакідаць разбойнікаў. Так ва ўсіх кнігах пішуць.