Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ты пайшоў за ім следам?

— Так. Толькі аб гэтым маўчы! Я ўпэўнены, што ў яго засталіся сябры. Я не жадаю, каб яны зрабілі са мной якую-небудзь паганую штуку. А ўжо гэта ты мне можаш даць веры: каб не я, ён быў-бы цяпер у Тэхасе!

І Гек пад сакрэтам расказаў усе свае прыгоды. Том да гэтага часу чуў толькі частку гэтых прыгод ад валійца.

— Разумееш, — скончыў Гек, вяртаючыся да галоўнай тэмы іхняй гутаркі, — тыя, хто цягаў гарэлку з «другога нумару», выцягнулі адтуль і грошы. У кожным разе наша справа скончаная, Том.

— Гек, гэтыя грошы не засталіся ў «другім нумары».

— Што такое? — Гек дапытлівымі вачыма ўтаропіўся ў твар таварыша. — Том, ты зноў натрапіў на след грошай?

— Гек, яны ў пячоры.

У Гека загарэліся вочы.

— Паўтары, што ты сказаў, Том.

— Грошы ў пячоры.

— Том, скажы сумленна, ты сур’ёзна гаворыш, ці жартуеш?

— Сур’ёзна, Гек, я ніколі яшчэ не казаў так сур’ёзна. Хочаш пайсці са мной туды і памагчы мне ўзяць грошы?

— А як-жа ж? Вядома, пайду! Толькі ці можна прабрацца туды, не заблудзіўшы?

— Гек, мы смела можам прабрацца туды, зусім без рызыкі.

— Добра! Але чаму ты думаеш, што грошы…

— Пачакай, Гек, пакуль мы прыдзем туды. Калі мы не знойдзем грошай, я табе аддам мой барабан і ўсё, што ў мяне ёсць. Далібог, аддам!

— Добра, ідзе! Калі, ты кажаш, трэба ісці?

— Ды хоць зараз, калі ты згодзен. У цябе сілы хопіць?

— А далёка ісці да пячоры? Я ўжо тры ці чатыры дні на нагах, але больш мілі мне не прайсці, — прынамсі я так думаю, што не прайсці.