Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але—як сказаў Том—яны не сказалі Геку аднаго, самага галоўнага, і аб гэтым яму і хочацца пагаварыць з прыяцелем. Твар Гека нахмурыўся.

— Я ведаю, у чым справа, — сказаў Гек. — Ты быў у «нумары другім» і не знайшоў там нічога, апрача віскі. Мне ніхто не сказаў пра цябе, але я зразумеў, што гэта быў ты, і зразумеў таксама, што ты не атрымаў грошай, бо іначай ты ўжо знайшоў-бы спосаб дабрацца да мяне і паведаміць гэтую навіну. Том, мне заўсёды здавалася, што нам не дасца ў рукі гэты скарб.

— Што ты, Гек? Я ніколі не даносіў на гаспадара. Ты-ж ведаеш, што ў суботу, калі мы ішлі на пікнік, у карчме ўсё было спакойна. Хіба ты не памятаеш, што ты ноччу павінен быў пільнаваць каля карчмы?

— О, так! Ведаеш, мне цяпер здаецца, што гэта было даўно-даўно, які год назад. Гэта было ў тую самую ноч, калі я ішоў да ўдавы Дуглас, сочачы за гэтым д’яблам метысам.