Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Звычайна ў расколінах сцен гэтай пярэдняй часткі пячоры заўсёды былі дзесяткі сальных агаркаў, якія пакідалі тут турысты; цяпер-жа іх не відаць было аніводнага: вязень усе іх з’еў. Ён ухітрыўся нават злавіць некалькі кажаноў і таксама з’еў іх, пакінуўшы толькі косці. Няшчасны памёр галоднай смерцю.

Недалёка павольна вырастаў з зямлі сталагміт, створаны на працягу вякоў каплямі вады, якія капалі з вісеўшага над ім сталактыта. Вязень адламаў верхавіну сталагміта і выдзеўбаў ямку для збірання дарагіх капель, што падалі праз кожныя дваццаць мінут з суровай рэгулярнасцю гадзінніка. Праз дваццаць чатыры гадзіны такім чынам набіралася лыжка.

Індзейца Джо пахавалі недалёка ад уваходу ў пячору, і на гэтыя хаўтуры з’ехаўся народ у лодках і на конях з усіх суседніх ферм і вёсак на сем міль навакол.

На другі дзень пасля гэтага Том з Гекам схаваліся ва ўтульным месцы для сур’ёзнай гутаркі. К гэтаму часу Гек ужо ведаў аб прыгодзе Тома ад валійца і ўдавы Дуглас.