Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтую дзвер лістовым жалезам і замкнуць яе трыма замкамі. А ключы ў мяне.

Том збялеў, як палатно.

— Што з табой, хлопчык? Эй, хто-небудзь сюды, дайце шклянку вады!

Прынеслі ваду, пырснулі ёю ў твар Тома.

— Ох, суддзя, там у пячоры… індзеец Джо!

Раздзел ХХХІІ

У пяць мінут навіна разнеслася па ўсім горадзе, і праз некаторы час дзесятак лодак, нагружаных людзьмі, ужо накіраваліся к пячоры, а хутка за імі пайшоў і паром, перапоўнены пасажырамі. Том Соўэр ехаў у адной лодцы з суддзёю Тэчэрам.

Як толькі дзверы адчынілі, у змроку пячоры ўбачылі сумнае з’явішча. На зямлі ляжаў мёртвы метыс, прыціснуўшыся тварам да шчыліны ў дзверах, нібы прагны зрок яго да апошняй хвіліны не мог адарвацца ад святла і радасці вольнага знадворнага свету.

Том расчуліўся. Ён з практыкі ведаў, якія пакуты павінен быў перацярпець гэты няшчасны. Яму было шкода метыса, але ў той-жа час, ён адчуў вялізнае палягчэнне, і толькі цяпер добра зразумеў, якім вялікім цяжарам ляжаў у яго на душы вечны страх з таго дня, калі ён выкрыў на судзе гэтага лютага злодзея.

Тут-жа побач ляжаў вялікі нож метыса, зламаны напалам. Тоўсты ніжні брус дзверы быў увесь пакрышаны гэтым нажом, але цяжкая праца была дарэмнай, бо знадворку пад парогам выступаў камень і з ім нож нічога не мог зрабіць. Нават, каб тут і не было каменя, праца метыса ўсероўна прапала-б дарэмна, бо і зрэзаўшы брус, ён не мог-бы праціснуцца ў шчыліну, — і ён ведаў гэта. Небарака рэзаў дрэва толькі затым, каб што-небудзь рабіць, каб як-небудзь змарнаваць цягучы час, як-небудзь заняць змучаны розум.