Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з пячоры вярнуўся яе муж, да якога паслалі ганца з радаснай весткай.

Том ляжаў на канапе і расказваў прагным слухачам гісторыю сваёй дзіўнай прыгоды, дадаючы «дзеля аздобы» нямала выдуманых ім самім падрабязнасцей. У заключэнне ён расказаў, як ён, пакінуўшы Бэкі, пайшоў даследваць новыя калідоры, прайшоў трэці і ўжо хацеў-быў вяртацца назад, як раптам убачыў далёка светлую пляму, нібы дзеннае святло пранікала ў шчыліну; як ён кінуў вяроўку і пабег да гэтай плямы, прасунуў галаву і плечы ў невялікую адтуліну і ўбачыў перад сабою шырокую прастору Місісіпі. А каб гэта было ўначы, ён не ўбачыў-бы светлай плямы, і яму не прышло-б у галаву пайсці да канца калідора!

Потым ён расказаў, як ён вярнуўся да Бэкі з радаснай весткай, і яна сказала яму, каб ён не лез да яе з такім глупствам, бо яна стамілася і ведае, што хутка памрэ, і радуецца з гэтага. Ён расказаў, як ён угаварваў яе і як яна сапраўды ледзь не памерла з радасці, убачыўшы дзеннае святло; як ён вылез сам і дапамог вылезці ёй; як яны сядзелі і плакалі ад радасці, а ў гэты час міма ехала лодка, і Том гукнуў ехаўшых і сказаў ім, што яны трапілі сюды з пячоры і страшэнна згаладаліся.

Рыбакі спачатку не далі яму веры, кажучы, што тое месца, дзе яны цяпер сядзяць, на пяць міль ніжэй ад даліны, дзе знаходзіцца пячора. Але потым гэтыя рыбакі ўзялі іх у лодку, завезлі іх у нейкі дом, накармілі вячэрай,