Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што зусім белымі. У аўторак вечарам увесь гарадок пайшоў спаць смутны, страціўшы ўсялякую надзею.

Сярод ночы раптам пачаўся трызвон, і ў адзін момант вуліцы напоўніліся поўадзетымі людзьмі, якія шалёна крычалі: «Выходзьце, выходзьце! Яны знайшліся! Знайшліся!» Званілі ў званы, білі ў бляшаныя скавародкі, трубілі ў ражкі. Усё насельніцтва горада бегла да ракі, насустрач дзецям, якіх везлі на сабе ў адкрытым экіпажы радасныя абываталі. Натоўп акружыў экіпаж і праводзіў яго дадому ўрачыстай працэсіяй, з крыкамі «ура».

Запалілі ілюмінацыю. Спаць ужо ніхто не клаўся. Такой вялікай ночы гарадок яшчэ не перажываў. За поўгадзіны ў доме суддзі Тэчэра пабывалі бадай што ўсе абываталі горада. Яны абыймалі выратаваных дзяцей, цалавалі іх, паціскалі рукі місіс Тэчэр, спрабавалі гаварыць, але не маглі, і залілі ўвесь дом сваімі слязмі.

Цёця Поллі была бадай такая самая шчаслівая, як і місіс Тэчэр. Місіс Тэчэр была-б зусім шчаслівая, каб