Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але голад і цяжкасць становішча паступова перамаглі страх. Новае нуднае сядзенне ля крыніцы і новы сон прынеслі з сабой страшэнныя пакуты ад голаду. Том быў упэўнены, што цяпер ужо серада ці чацвер, можа нават пятніца або субота, і што тыя, хто шукаў іх, страцілі надзею іх знайсці. Ён прапанаваў даследваць другі калідор. Ён гатоў быў рызыкнуць нават сустрэчай з метысам. Але Бэкі вельмі аслабла, яе ахапіла апатыя, і яна не хацела рухацца з месца. Яна казала, што застанецца тут, дзе сядзіць, і будзе чакаць смерці. Яна параіла Тому ўзяць шпагат і ісці самому, калі яму хочацца, але ўпрашала яго часцей вяртацца, каб пагаварыць з ёй, і ўзяла з яго слова, што калі прыдзе апошняя мінута, ён будзе сядзець каля яе і трымаць яе руку, пакуль усё скончыцца…

У Тома сціснулася горла. Ён пацалаваў Бэкі і пачаў запэўняць, што выхад з пячоры знойдзецца, калі яшчэ раней не знойдуць іх тыя, хто шукае. Потым ён узяў у руку шпагат ад змея і вобмацкам папоўз па адным з калідораў, адчуваючы голад і блізкую гібель…

Раздзел ХХХІ

Мінула раніца аўторка, прышоў і вечар, а гарадок усё сумаваў: загінуўшыя дзеці не знаходзіліся. У царкве служылі малебствы аб выратаванні іх. Нямала ішло ўгору і паасобных малітваў, што выходзілі з глыбіні душы, а з пячоры ўсё яшчэ не прыходзілі радасныя весткі. Большасць шукаўшых пакінулі пошукі і вярнуліся да сваіх звычайных заняткаў, кажучы, што дзеці, відаць, ужо не знойдуцца. Місіс Тэчэр была зусім хворая і большую частку часу ляжала ў непрытомнасці. Тыя, хто яе бачыў, казалі, што аж сэрца рвецца, слухаючы, як яна кліча сваю дзяўчынку, гледзячы, як яна падымае галаву і доўга прыслухоўваецца, а потым, уздыхнуўшы, зноў млява апускае галаву на падушку. У цёці Поллі шэрыя валасы ад тугі зрабіліся бадай