Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паміж сабою, але ад гэтага ім толькі яшчэ больш захацелася есці.

— Тсс!.. — сказаў Том, — ты чуеш?

Бэкі затаіла дыханне і пачала прыслухоўвацца. Здалёк ледзь чутно данёсся нібы слабы крык. Дзеці зноў пачалі прыслухоўвацца. Потым Том адгукнуўся і, узяўшы Бэкі за руку, пабег па калідоры ў той бок, адкуль чуўся голас. Праз некаторы час яны спыніліся, — гук зноў паўтарыўся і як быццам бліжэй.

— Гэта яны! — усклікнуў Том. — Яны ідуць сюды! Хадзем, Бэкі, не бойся, — цяпер усё будзе добра!

Маленькія палоннікі не памяталі сябе ад радасці, але не маглі бегчы хутка, бо на кожным кроку трапляліся правалы, і трэба было ўнікаць іх. Ля адной шчыліны ім мімаволі прышлося спыніцца. Правал мог мець і тры футы і сто футаў глыбіні, — усёроўна прайсці праз яго было немагчыма. Том лёг на жывот і апусціўся ўніз, колькі мог. Ён не даставаў дна. Трэба было заставацца тут і чакаць, пакуль за імі прыдуць. Дзеці прыслухоўваліся, але гукі ўжо аддаляліся. Праз некалькі хвілін яны зусім сціхлі…

О, які жах! Том крычаў, пакуль не ахрыпнуў, але ніхто не адгукаўся. Ён стараўся абнадзеіць Бэкі, але прайшла цэлая вечнасць трывожнага чакання, а гукаў не было чуваць.

Дзеці вобмацкам дабраліся назад да крыніцы. Час цягнуўся марудна. Яны зноў заснулі і прачнуліся галодныя, змучаныя горам. Том быў упэўнены, што цяпер ужо аўторак.

Раптам у яго мільганула думка. Паблізу было некалькі бакавых калідораў. Ці не лепш даследваць іх, чымся сядзець і нудзіцца? Ён выняў з кішэні шпагат для пускання змеяў, прывязаў яго да выступа скалы і пайшоў, ведучы за руку Бэкі і размотваючы клубок настолькі, наколькі яны рухаліся наперад.

Праз дваццаць крокаў калідор канчаўся нечым накшталт пляцоўкі для скакання. Том стаў на калены і пачаў мацаць