Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

будуць чакаць дома. Дзеці змоўклі і задумаліся. Праз некаторы час новы выбух гора ў Бэкі паказаў Тому, што ёй, як і яму, прышла ў галаву адна і тая самая думка: нядзельная раніца можа напалову прайсці, пакуль місіс Тэчэр даведаецца, што Бэкі не начавала ў місіс Гарпер.

Дзеці не спускалі вачэй з апошняга агарка, сочачы за тым, як ён павольна і бязлітасна растае. Нарэшце засталося толькі на палец кнота. Слабы агеньчык падымаўся і падаў, узвіўся над тонкім слупком дыму, пачакаў там — і потым настала поўная страшная цемра.

Колькі часу прайшло, пакуль Бэкі зразумела, што яна плача ў абдымках Тома, ніводзін з іх сказаць не мог. Яны ведалі толькі, што праз вельмі доўгі, як ім здавалася, час яны нібы ачунялі ад цяжкога сну і зноў зразумелі ўвесь жах свайго становішча.

Том думаў, што ўжо надышла нядзеля, можа нават панядзелак. Ён спрабаваў уцягнуць Бэкі ў гутарку, але дзяўчынка была надта прыціснутая сваім горам. У яе не было больш ніякай надзеі. Том запэўняў, што іх адсутнасць ужо даўно павінны былі заўважыць і што цяпер іх, напэўна, шукаюць. Трэба зноў крычаць: хто-небудзь пачуе, адгукнецца і прыдзе. Ён крыкнуў. Але ў цемры далёкае рэха адгукалася так жудасна, што болей ён ўжо не спрабаваў.

Гадзіны ішлі, і дзяцей зноў пачаў мучыць голад. Том адламіў кавалачак ад сваёй палавінкі; яны падзялілі яго