Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ты памятаеш?

Бэкі слаба ўсміхнулася.

— Гэта наш вясельны каравай.

— Я хацеў-бы, каб ён быў вялікі, як бочка, бо ў нас болей нічога няма.

— Я схавала гэты кавалак на пікніку, каб палажыць яго пад падушку, як робяць дарослыя, і потым загадаць, каго я сасню; але гэта будзе наш апош…

Бэкі не скончыла, каб не засмучаць свайго таварыша.

Том падзяліў пірог на дзве часткі. Бэкі з ахвотай з’ела сваю палавіну, але Том да сваёй ледзь дакрануўся. Напіцца было чым: побач была цэлая крыніца халоднай вады. Крыху счакаўшы, Бэкі прапанавала ісці далей. Том падумаў крыху, потым сказаў:

— Бэкі, ці можаш ты спакойна выслухаць, што я табе скажу?

Бэкі пабялела, але сказала, што, здаецца, можа.

— Дык вось што, Бэкі: нам трэба застацца тут, — тут прынамсі ёсць вада для піцця… І не забывай, што гэта наш апошні агарак!

Бэкі дала волю слязам і рыданню. Том суцяшаў яе, як мог, але гэта мала памагала. Нарэшце яна сказала:

— Том!

— Што, Бэкі?

— Яны ўсхопяцца і прыдуць шукаць нас?

— Ну, вядома! Зразумела, прыдуць.

— Можа яны ўжо цяпер шукаюць нас, Том?

— Што-ж, вельмі мажліва. Я спадзяюся, што так.

— Калі, ты думаеш, яны ўсхопяцца?

— Я думаю, калі вернуцца на паром.

— Том, тады будзе ўжо цёмна. Ці заўважаць яны, што нас няма?

Не ведаю, у кожным разе маці твая заўважыць, як толькі ўсе вернуцца дамоў.

Спалоханы погляд Бэкі напомніў Тому, што яго прыяцелька мелася начаваць у таварышкі і, значыцца, яе не