Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

галоўнае, пра святло. Бэкі плакала. Том стараўся прыдумаць што-небудзь, каб суцешыць яе, але ўсе яго выдумкі ні да чаго не прывялі. Бэкі так аслабла ад стомы, што нарэшце заснула. Том быў рады гэтаму. Ён углядаўся ў яе змораны тварык і бачыў, як ён паступова прымаў звычайны спакойны выраз ад прыемных сноў; на губах у яе з’явілася і засталася ўсмешка. Ад гэтай спячай дзяўчынкі ішоў мір, і думкі Тома луналі ў мінулым, у няясных успамінах. Ён так увайшоў у гэтыя ўспаміны, што і не заўважыў, як Бэкі прачнулася і ціханька засмяялася. Але смех зараз-жа замёр на яе вуснах і перайшоў у стогн.

— О, як я магла заснуць! Я-б хацела ніколі, ніколі не прачынацца! Не, не, Том, не глядзі так! Я не буду больш так казаць.

— Я рады, што ты спала, Бэкі; цяпер ты адпачыла, і мы пойдзем зноў шукаць дарогу.

— Паспрабуем, Том, але я сніла такую дзівосную краіну, а тут…

— Трымайся, Бэкі! Пойдзем зноў шукаць!

Яны ўсталі і пайшлі поруч, але ўжо не верачы ў поспех. Яны паспрабавалі абмеркаваць, колькі часу яны правялі ў пячоры; але ім здавалася, што яны тут ужо некалькі дзён: і тыдняў, а між тым гэтага, безумоўна, не магло быць, бо нават свечкі іх не дагарэлі да канца.

Пасля таго яны доўга, — самі не ведалі, як доўга, — ішлі моўчкі. Том сказаў, што трэба стаіцца і прыслухоўвацца, ці не чуваць дзе шуму ад капання вады, — трэба знайсці крыніцу. Яны знайшлі адну, і Том сказаў, што тут трэба зноў зрабіць прыпынак. Абое страшэнна стаміліся, але Бэкі лічыла за лепшае ісці далей і была вельмі здзіўлена, калі Том не згадзіўся. Яна не магла зразумець гэтага. Яны селі, і Том глінай прыляпіў свечку на камені перад імі. Абодва задумаліся і некаторы час не гаварылі ні слова, Бэкі першая парушыла цішыню.

— Том, я такая галодная.

Том выцягнуў нешта з кішэні.