Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Бэкі, які я дурань! Які-ж я дурань! Мне і ў галаву не прышло, што нам прыдзецца вяртацца. Не, я не магу знайсці дарогі! У мяне ўсё пераблыталася.

— Том, Том, мы прапалі! Прапалі! Нам ніколі, ніколі не выбрацца з гэтага жудаснага падзямелля! О, навошта мы адлучыліся ад усіх!

Яна млява апусцілася на зямлю і так дзіка зарыдала, што Том перапалохаўся, думаючы, што яна зараз памрэ ці звар’яцее. Ён сеў побач з ёю і абняў яе. Яна, рыдаючы, схавала твар у яго на грудзях і прыціснулася да яго, вымаўляючы ўсе свае жахі, сваё позняе шкадаванне, а далёкае рэха ператварала яе горкія словы ў дробкі вясёлага смеху. Том упрашаў яе падбадзёрыцца, але яна казала, што не можа. Тады ён пачаў лаяць сябе, што паставіў яе ў такое жудаснае становішча, — і гэта падзейнічала лепш. Яна сказала, што паспрабуе авалодаць сабой, што яна ўстане і пойдзе за ім, куды ён павядзе яе, абы толькі ён так не казаў, бо яна і сама вінаватая ніколькі не менш ад яго.

І яны пайшлі наўдачу, так сабе, абы ісці, а не сядзець на месцы, — больш-жа ж яны нічога не маглі зрабіць.

Праз некалькі мінут Том узяў свечку з рук Бэкі і пагасіў яе. Для іх так важна было эканоміць святло!.. Бэкі без слоў зразумела гэта і зноў прышла ў адчай. Яна ведала, што ў Тома ёсць цэлая свечка ды яшчэ тры ці чатыры агаркі ў кішэні, і тым не менш ён лічыў патрэбным эканоміць.

Паступова зморанасць пачала даваць свае вынікі; дзеці спрабавалі не звяртаць на гэта ўвагі, — ім нават страшна было падумаць, каб сесці, бо кожная мінута была надта дарагая; рухаючыся ў якім-бы там ні было кірунку, хоць наўздагад, яны ўсё-ж ішлі наперад і, можа к выхаду, а сесці — гэта азначала аддаць сябе на смерць і прыблізіць яе прыход.

Але слабыя ножкі Бэкі зусім адмаўляліся служыць ёй. Яна села. Том сеў побач з ёю і яны пачалі размаўляць пра дом, пра пакінутых там прыяцеляў, пра мяккія пасцелі і,