Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І дзяўчынка нават уздрыганулася ад гэтай думкі. Том выбраў адзін з калідораў, і дзеці доўга моўчкі ішлі па ім, углядаючыся ў кожны новы папярочны ход, ці не будзе ён знаёмым. Але ўсё тут было ім чужое. Кожны раз, калі Том даследваў новы ход, Бэкі сачыла за яго тварам, чакаючы бадзёрага знаку, і ён весела казаў:

— Гэта яшчэ не той, па якім мы ішлі, але ты не бойся, — у свой час знойдзем і яго.

Тым не менш з кожнай няўдачай ён усё больш траціў упэўненасць і хутка пачаў заварочваць направа і налева, абы куды, спадзяючыся знайсці, нарэшце, знаёмую дарогу. Час ад часу ён казаў: «Не бойся: усё ідзе добра», — але на сэрцы яго ляжаў такі страшэнны цяжар, што голас яго зрабіўся бязгучным, нібы ён казаў не «ўсё добра», а «ўсё прапала». Бэкі ад жаху прыціскалася да яго, усімі сіламі стараючыся ўстрымаць слёзы, але гэта ёй не вельмі ўдавалася. Нарэшце яна сказала:

— Слухай, Том, гэта нічога, што кажаны; вернемся той дарогай. А так мы зусім заблытаемся.

Том спыніўся.

— Пачакай.

І сярод глыбокай цішыні, такой глыбокай, што дзеці чулі нават уласнае дыханне, Том крыкнуў. Голас яго доўга адбіваўся па пустынных калідорах і заціх далёка слабым гукам, нібы насмешлівы рогат.

— Ох, Том, не крычы, — гэта так страшна! — сказала Бэкі.

— Хоць яно і страшна, але ўсё-ж лепш крычаць, Бэкі: можа яны пачуюць нас.

І ён крыкнуў зноў.

Гэтае «можа» прагучэла для дзяўчынкі яшчэ больш жудасна, як злавесны рогат: яна зразумела, што Том траціць надзею. Дзеці стаялі моўчкі і чакалі, але на крык ніхто не адгукнуўся. Том завярнуўся назад і паскорыў крокі. Але хутка нейкая неўпэўненасць у яго поглядзе выдала Бэкі другую страшную праўду: ён ужо не мог знайсці дарогу назад!

— О, Том, чаму ты не рабіў знакаў!