Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ды ты падумай, Бэкі, — яны-ж там, наверсе, а мы ўнізе; я нават не ведаю, куды мы зайшлі: на поўнач, на поўдзень ці на ўсход. Тут мы не можам іх чуць.

Бэкі ўстрывожылася.

— А доўга мы тут ходзім, Том? Ці не лепш вярнуцца назад?

— Яно, пэўна, будзе лепш.

— А ты здолееш знайсці дарогу, Том? Тут такая блытаніна — я адна не выбралася-б.

— Я знайшоў-бы дарогу, каб не гэтыя кажаны! Калі яны загасяць абедзве свечкі, гэта будзе паганая справа. Паспрабуем знайсці другую дарогу, каб не праходзіць там.

— Спадзяюся толькі, што мы не заблудзім. Гэта быў-бы такі жах!