Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

даўжынёй і таўшчынёй у чалавечую нагу. Яны абышлі навакол гэтую пячору, захапляючыся яе хараством, і вышлі адтуль у адзін з калідораў, якія ў вялікай колькасці ўваходзілі сюды.

Хутка яны апынуліся ў другой пячоры, каля чароўнай крыніцы, якая біла з скалы і падала ў басейн, абмураваны бліскучымі крышталамі, як палівай. Уверсе туліліся кучай тысячы кажаноў. Святло спудзіла іх, і яны замітусіліся сотнямі, з піскам кідаючыся на свечкі. Том ведаў іх нораў і ведаў, якой небяспекай гэта пагражае. Ён схапіў Бэкі за руку і выбег разам з ёю ў першы, які трапіўся, калідор: і час быў, бо адзін з кажаноў загасіў крылом свечку Бэкі, калі яна выходзіла з пячоры. Кажаны доўга яшчэ гналіся за дзецьмі, але ўцекачы ўсё заварочвалі ў новыя ходы, што трапляліся па дарозе, і такім чынам нарэшце вызваліліся ад праследвання. Пасля таго Том знайшоў падземнае возера з цмянымі абрысамі, якія знікалі ў цемры. Ён хацеў даследваць яго берагі, але потым падумаў, што лепш будзе спачатку прысесці і адпачыць. Тут першы раз яны адчулі, што мёртвая цішыня падзямелля прыгнятае іх.

— Што гэта, — сказала Бэкі, — нібы даўно ўжо не чуваць галасоў? Ты не заўважыў?