Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

—Ну, вось ён і спіць, небарака, — казала сабе ўдава, — «Том Соўэр знайшоў!» Ідзі цяпер, знайдзі Тома Соўэра! Ужо мала і засталося такіх, у якіх хапае мужнасці і сілы шукаць твайго Тома Соўэра!

Раздзел ХХХ

Вернемся цяпер да Тома і Бэкі. Яны разам з усімі бадзяліся па хмурых калідорах, аглядаючы ўжо знаёмыя ім цуды пячоры, якія мелі нейкія дзіўныя назвы: «Прыёмная зала», «Сабор», «Палац Аладына» і г. д. Потым пачалася вясёлая гульня ў хаванкі, і Том і Бэкі старанна прыймалі ў ёй удзел, пакуль не стаміліся ад беганіны. А потым яны пайшлі ўдвох па звілістым калідоры, высока трымаючы свае свечкі і чытаючы блытаніну з імёнаў, лічбаў, адрасоў і мудрых выразаў, якія былі панапісаны на каменных сценах. Захапіўшыся гутаркай, яны і не заўважылі, як зайшлі ў такую частку пячоры, дзе на сценах ужо не было надпісаў. Тады яны самі вывелі копаццю свае імёны на сцяне пад навіслым каменем і пайшлі далей.

Нарэшце яны дайшлі да месца, дзе маленькі ручаёк, пераліваючыся праз каменны выступ і несучы раствораную вапну, на працягу многіх вякоў стварыў нешта падобнае на бурлівую Ніягару з бліскучага каменя. Том праціснуўся ў вузкі кут за каменным вадаспадам, каб асвятліць яго дзеля пацехі Бэкі, і ўбачыў, што за гэтым вадаспадам хаваецца нешта накшталт натуральных сходаў, уціснутых у вузкую шчыліну між двума каменнымі сценамі. Яго адразу ахапіла ганарлівае жаданне што-небудзь адкрыць. Бэкі падтрымала яго, і яны, зрабіўшы для памяці знак сажай на камені, пайшлі на пошукі.

Яны доўга ішлі па звілістым калідоры, які спускаўся ўсё ніжэй у таямніцы пячоры, зрабілі яшчэ знак і завярнуліся ў бок, шукаючы новыя цуды, каб было што расказаць там, наверсе. У адным месцы яны знайшлі вялізную нішу, дзе са столі спускалася мноства бліскучых сталактытаў,