Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзеныя на камені копаццю ад свечкі: «Бэкі і Том», і тут-жа побач закапаную салам істужачку. Місіс Тэчэр пазнала істужачку і расплакалася над ёю. Іншыя расказвалі, што ў часе пошукаў часам бачылі здалёк святло і з крыкамі радасці кідаліся ў той бок, але іх чакала горкае расчараванне: дзяцей там не было, а знаходзілі толькі каго-небудзь з сваёй-жа кампаніі.

Так прайшло тры страшных дні і тры страшныя ночы. Марудна і нудна цягнулася гадзіна за гадзінай. Увесь горад ахапіла, нарэшце, нейкае безнадзейнае атупенне. Ні ў каго не было ахвоты ўзяцца за працу, работа валілася з рук. Выпадковае выкрыццё, што на заездным двары таварыства цвярозасці ў адным з нумароў хаваліся гарэлка і ром, пры ўсёй сваёй незвычайнасці, бадай што не ўсхвалявала публіку.

У адну светлую хвіліну Гек, ачуняўшы, завёў гутарку пра карчму і нарэшце, баючыся пачуць нешта жудаснае, спытаўся, ці не знайшлі чаго-небудзь у карчме таварыства за час яго хваробы.

— Але, знайшлі,— быў адказ.

Гек ускочыў з пасцелі і дзікімі вачыма ўтаропіўся на ўдаву Дуглас.

— Што? Што такое знайшлі?..

— Спіртавыя вырабы. Гарэлку. Лажыся, дзетка. Як ты мяне спалохаў!

— Скажыце мне толькі адно, толькі адно, калі ласка! Хто знайшоў? Том Соўэр?

Удава заплакала.

— Супакойся, супакойся, дзетка, я табе ўжо сказала: табе нельга так многа гаварыць. Ты вельмі, вельмі хворы.

«Значыцца, апрача гарэлкі, нічога не знайшлі, бо каб знайшлі грошы, дык у гарадку пачаўся-б перапалох. Значыцца, скарб знік назаўсёды, вышаў з рук… Але чаго яна плача? Незразумела! Аб чым ёй, здавалася-б, плакаць?»

Вось якія думкі няясна варушыліся ў галаве Гека, і ён так змарыўся ад іх, што заснуў.