Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усю тужлівую ноч у гарадку чакалі вестак, але калі нарэшце, прышла раніца, з пячоры прыслалі толькі па харчы і свечы. Місіс Тэчэр траціла розум ад хвалявання і цёця Поллі таксама.

Суддзя Тэчэр прысылаў з пячоры бадзёрыя запіскі, але яны мелі слабы ўплыў.

На другі дзень, досвіткам, стары валіец вярнуўся дадому, увесь запэцканы глінай і салам. Ён знайшоў Гека на той самай пасцелі, куды яго палажылі. Хлопчык кідаўся ў гарачцы і быў у непрытомнасці. Усе дактары былі ў пячоры, таму хворага ўзялася даглядаць удава Дуглас, кажучы, што яна зробіць для яго ўсё мажлівае, бо добры ён,ці дрэнны, — не пакідаць жа яго без догляду. Валіец сказаў, што і ў Гека ёсць свае добрыя якасці.

К поўдню ў гарадок пачалі вяртацца групкі да смерці змораных людзей, якія страцілі надзею знайсці загінуўшых, але больш энергічныя працягвалі пошукі. Ад тых, хто вярнуўся, даведаліся мала: яны казалі толькі, што ў пячоры перагледзелі ўсе далёкія калідоры, куды ніколі не хадзілі раней, агледзелі ўсе куткі і выхады і, бадзяючыся ў гэтым лабірынце, бачылі далёка сям і там агеньчыкі, чулі крыкі і стрэлы, якія глуха разносіліся пад хмурымі скляпеннямі.

У адным месцы, далёка ад тых частак пячоры, куды звычайна заглядаюць турысты, знайшлі два словы, выве-