Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Добры дзень, місіс Тэчэр! — сказала цёця Поллі. — Добрай раніцы, місіс Гарпер! А ў мяне хлапчук зноў знік. Я ўпэўнена, што мой Том начаваў сёння ў каго-небудзь з вас, а цяпер баіцца ісці ў царкву, — ведае, што яму дастанецца ад мяне.

Місіс Тэчэр слаба паківала галавой і яшчэ больш пабляднела.

— Ён у вас не начаваў, — сказала місіс Гарпер, таксама пачынаючы непакоіцца.

На твары цёці Поллі з’явілася трывога.

— Джо Гарпер, ты бачыў сёння раніцой майго Тома? — спыталася яна.

— Не, не бачыў.

— А дзе ты бачыў яго апошні раз?

Джо паспрабаваў успомніць, але не мог нічога сказаць пэўнага. Людзі, выходзячы з царквы, пачалі спыняцца і прыслухоўвацца да гутаркі. У натоўпе шапталіся. Пачатак трывогі адбіваўся на тварах. Пачалі распытваць дзяцей і малодшых настаўнікаў. Выявілася, што ніхто не памятае, ці былі Том і Бэкі на пароме, калі ўсе вярталіся дадому: у змроку ніхто іх не заўважыў, і нікому не прышло ў галаву спытацца, ці ўсе сабраліся. Адзін юнак не вытрымаў і бахнуў:

— Ну, значыцца, яны засталіся ў пячоры!

Місіс Тэчэр самлела. Цёця Поллі загаласіла, ламаючы рукі.

Трывожная вестка пераходзіла з вуснаў у вусны, ад групы да групы, з вуліцы ў вуліцу. Праз пяць мінут ужо празванілі ва ўсе званы, склікаючы народ. На зладзеяў адразу забыліся. Сядлалі коней, адвязвалі лодкі. Паслалі па паром, і праз поўгадзіны каля двухсот чалавек накіраваліся сухім шляхам і вадою к пячоры.

Увесь дзень гарадок здаваўся мёртвым, — так ён апусцеў. Увесь дзень суседкі наведвалі цёцю Поллі і місіс Тэчэр, стараючыся ўцешыць іх, плакалі разам з імі, і гэта было важней за ўсе словы.