Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Валіец расказаў гасцям гісторыю мінулай ночы. Удава пачала дзякаваць яго за сваё вызваленне.

— Ні слова аб гэтым, місіс! Ёсць другі чалавек, які зрабіў для вас можа больш, як я і мае сыны разам, але ён не дазваляе мне назваць яго. Мы і не падумалі-б прыйсці да вас, каб не ён.

Вядома, гэтыя словы так зацікавілі публіку, што нават галоўнае адсунулася на другі план, і вельмі хутка гэтая цікавасць перадалася ўсяму гораду. Але валіец не злітаваўся над сваімі гасцямі і не выдаў ім тайны.

— Я заснула, чытаючы ў ложку, — сказала ўдава, — і ўвесь час спакойна спала. Чаму вы не ўвайшлі і не пабудзілі мяне?

— Парашылі, што не варта. Гэтыя разбойнікі наўрад ці вярнуліся-б: яны-ж забылі свае інструманты, і ім няма чым было-б працаваць. Навошта-ж было будзіць вас? Каб напалохаць вас да смерці? Апрача таго, мае тры негры ўсю рэшту ночы стаялі на варце каля вашага дома. Яны толькі што вярнуліся.

З’явіліся новыя наведвальнікі, і на працягу трох гадзін стары толькі і рабіў, што паўтараў свой расказ.

У гэтую раніцу ў школе не было звычайных нядзельных заняткаў, але ўсё-ж такі ўсе сабраліся ў царкву, каб добра абгаварыць незвычайнае здарэнне. Усе ўжо ведалі, што разбойнікаў не знайшлі. Па сканчэнні пропаведзі жонка суддзі Тэчэр праціснулася скрозь натоўп да місіс Гарпер і сказала:

— Што-ж, мая Бэкі так і праспіць сёння ўвесь дзень? Але-ж я так і думала, што яна вельмі зморыцца.

— Ваша Бэкі?

— Ну але. (Здзіўлены погляд). Ці-ж яна не ў вас начавала?

— Вядома, не.

Місіс Тэчэр збялела і апусцілася на лаўку. Акурат у гэты час міма праходзіла цёця Поллі, жвава гутарачы са сваёй прыяцелькай.